Клятва
Nadya Rudyak · · Series: Two in a boat

ДУ 91-98
Пасьля разважаньня над падарожжамі Ісуса і Яго прапаведзяў я ўяўляю сабе «некаторага чалавечага караля» і пазнаю ў ім каранаванага Арагорна, якому кланяюцца ўсе — людзі, гномы, эльфы, і ўсе глядзяць на яго з благавеннем. Гэта бачыць нецяжка, менавіта такія пачуцьці Арагорн заўсёды выклікаў у мяне.
І ў Ісуса яму зусім нескладана ператварыцца, я са здзіўленнем думаю пра іх нейкае падабенства ў абліччы і пра тое, што раней мне гэта не прыходзіла ў галаву.
Калі я ўяўляю, як Ён вымаўляе Сваю прамову, пра тое, што можна будзе падзяліць з Ім лад жыцьця — аднолькава есці і піць, аднолькава адпачываць ці не — мяне накрывае нейкае дзіцячае захапленьне. На фразе «павінен працаваць са Мною» ў маёй душы распускаюцца кветкі і пачынаюць прыходзіць карцінкі, як мы з Ім робім нешта разам, нешта простае, што робяць у паходзе — разводзім агонь, гатуем ежу.
Потым візуалізацыя як быццам ускладняецца, я спрабую наладзіцца і праз некаторы час разумею, што бачу бязмежнае заснежанае поле зверху і як па ім едзе адзінокі снегаход. Я адчуваю сябе за яго рулём і разумею, што еду-еду-еду і не ведаю куды. Няма ні прыкмет, ні паказальнікаў, ні сьлядоў, ні дрэў. Нічога. Пры гэтым пад снегам час ад часу трапляюцца камяні, якіх ня відаць, і я наязджаю на іх, ледзь не падаючы. Я разважаю, што азначае гэты вобраз — рух па бязмежнай прасторы без арыентзіру і са схаванымі перашкодамі. Патрэбны нейкі кампас.
І тут я ўспамінаю нашу вячэрнюю размову з Юрай і Русланам: мы абмяркоўвалі той рух душы, які вядзе нас да Яго, што ён адчуваецца як нейкая цяга, якая бывае то мацнейшай, то слабейшай, то зноў разгараецца. Цяга да Яго.
Да гэтай Цягі далучылася адчуваньне захапленьня, любові да свайго прызначэньня і ўдзячнасьці Яму за тое, што Ён так усё ўладкаваў — даць нам задачу, якую найбольш прыемна выконваць. І трэцім інгрэдыентам стала тое цяжкаапісальнае адчуваньне ўнутранага спакою, якое прыйшло да мяне адразу, як зьніклі трывогі. Вось мой кампас — Цяга да Яго, Прызначэньне для Яго і Ўнутраны спакой.
У мяне зьнікла адчуваньне, што я еду кудысьці бяз мэты. Не — мяне чакаюць дома, і там цяпло, ставяць чайнік і выглядаюць у акно — ці не еду я?
Увесь гэты зямны шлях — вяртаньне дадому.
Дом там, дзе Ты.
Дом унутры мяне.
А ў Цябе ключ.
***
Я бачу мора вельмі прыгожага сіняга колеру і стромкі бераг, на якім растуць сасны, і сонца скрозь дрэвы. Я бачу сябе, якая стаіць на каленях на гэтым беразе, і Ён перад мной.
Я гляджу на Яго знізу ўверх — Ён босы, у доўгай простай рубахе да пятаў, якую трасе вецер.
На галаве простая тонкая, вельмі вытанчаная карона, ад якой зыходзіць далікатнае ззяньне.
Я адчуваю шчасьце.
Я кажу Яму, што пайду з Ім да самага канца.
Мне здаецца, што гэтае рашэньне было прынята ўжо даўно і Ён ведае пра гэта, але цяпер — гэта сапраўдная клятва.
Як быццам звонку я бачу, як мы стаім, абняўшыся, у гэтым казачна прыгожым месцы, і гучыць музыка, быццам гэта кадр з фільма
з шчаслівым фіналам.